Шчыра кажучы, да апошняга вагаўся, ці варта ісьці на мультфільм. Я ўсё ж большы прыхільнік кіно, чым анімацыі. Але ледзь не ў апошні момант, літаральна за дзьве гадзіны да пачатку, набыў квіток ды паехаў глядзець. Усё ж такі намінант на Оскара і прыз Эўрапейскай кінаакадэміі, да таго ж у агучцы на беларускай мове. І ведаеце што – не расчараваўся.

“Таямніца Келза” працягвае Беларускія ўікэнды і адкрывае іх у новым кінатэатры, найвялікшым у Менску – “Маскве”. Я хаджу на гэтыя ўікэнды ад пачатку, прапусьціўшы толькі першы фільмы, “Цудоўну ласку”. Добра памятаю, як спачатку фільмы паказвалі ў маленечкай “Перамозе”, а квіткі раздаваліся бясплатна, але за імі трэба было адмыслова прыязджаць у пэўны час, стаяць чаргу, і не на ўсіх ахвотных тых квіткоў хапала, але калі хапала – дык гэта было шчасьце. І ты сядзеў на паказе, сярод такіх жа як ты аднадумцаў, аматараў беларускасьці, і атрымліваў сапраўдную асалоду, калі глядзеў у кінатэатры – упершыню на вялікім экране – фільмы на роднай беларускай мове. Штосьці ёсьць у гэтым сюрэалістычнае – упершыню за 25 год незалежнасьці глядзець у кінатэатры фільм на сваёй мове, прычым перакладзены на энтузіазме камандай Кінаконга, якая фактычна ня мае ніякага дачыненьня да Беларусьфільму ці відэапракатных устаноў. Сюрэалістычнае – і разам з тым неверагодна крутое. Гэткая перамога ў “Перамозе”.

І вось – сёньня. Зайшоў на сайт, набыў квіток ды прыйшоў у азначаны час у кіно. Тут трэба асобны дзякуй сказаць спонсарам, Вэлкому ды Атлант Тэлекому, безь якіх наўрацьці б праэкт выйшаў на сёньняшні ўзровень. А ў плянах, як было агучана на прэс-канферэнцыі, працяг паказаў, агучка ў тым ліку і вядомых касавых блёкбастараў і нават пашырэньне геаграфіі паказаў на вабласныя цэнтры дзесьці праз паўгады. Дарэчы, на канферэнцыі і Андрэй Кім, і топ-мэнэджэры кампаній-спонсараў цалкам размаўлялі на беларускай мове. Цалкам натуральна, але нельга не адзначыць асобна.

Што тычыцца самога мультфільма.

Па-першае – ён проста неверагодна прыгожа намаляваны. Гэтыя кадры хочацца разглядаць як карціны. За падманліва простай стылізаванай графікай крыецца вялікая колькасьць дэталяў, кожны кадр дасканала прыгожы. Проста шыкоўная праца.

Па-другое – у сюжэце няблага зьмяшаныя ірляндзкія паганскія і хрысьціянскія легенды плюс гістарычная прывязка. З эпізода ў эпізод сцэнар пабудаваны так, што не дае гледачу засумаваць, пастаянна падкідвае новыя дзеі і нават трымае ў пэўным такім напружаньні.

Па-трэцяе – пераклад. Ролі агучвалі беларускія акторы, сярод якіх Павал Харланчук ды Ганна Хітрык. Зроблена ўсё як мае быць, гучыць класна. Літаральна ў двух-трох месцах толькі было крыху чутно арыгінальны голас, але гэта трэба ўслухвацца, каб пачуць. Можаце сказаць нават, што я занадта патрабавальны.

Ну і па-чацьвёртае. Заля на першым паказе была амаль поўная. Заўтра і пасьлязаўтра яшчэ два паказы, і на цяперашні момант, на абодва сеансы 2/3 месцаў ужо набытыя. Большасьць, як мне падалося, прыйшлі зь дзецьмі. На мой погляд, мультфільм не зусім дзіцячы, але і ім будзе цікавы.

У выніку, раю ўсім да прагляду, нават калі вагаецеся, ісьці ці не. Мультфільм вельмі прыгожы, сюжэт цікавы, у кіно яго ў Беларусі не паказвалі, таму хутчэй за ўсё вы яго яшчэ ня бачылі, ды й агучка на беларускай мове. Таму бягом за квіткамі і прыемнага прагляду ўсім!